Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Паданне пра в. Вялаўск

Дата: 21 сентября 2022 в 11:06, Обновлено 21 сентября 2022 в 11:10
Автор: Качэля В. У.

Паданне  пра вёску Вялаўск

На згібе хвалі ракі Прыпяць плёскаліся аб бераг самага высокага ўзвышша нізіннай мясцовасці. Тут, на гэтым узвышшы, жыў адзін мудры і таленавіты чалавек. Звалі яго Скіба. Дом яго гаварыў з небам. Ці плыў хто па рацэ, ці ішоў пешшу, адусюль было відаць дабротнае паселішча. Таму часта да гаспадара дома заходзілі стомленыя падарожныя, каб перадыхнуць ці пераначаваць тут. Людзі расказвалі Скібе аб сваім жыцці, раіліся з ім,  дапытваліся, як ён рабіў рэчы, што былі ў яго доме. Разумны гаспадар быў чалавекам добрай душы.Усім дапамагаў каму парадай, каму добрым словам, каму дзейнай справай.

 Сталі людзі валам валіць да Скібы.           

 – Куды ты ідзеш?- пыталі адзін аднаго падарожнікі.

 – Іду  да Вялікага Скібы.

Так і сталі называць яго Вялікі Скіба, гэта значыць, адукаваны, разумны, таленавіты.

Прыгожая птушка пер’ем, а чалавек вучэннем. Рукі – да работы, ногі – да ахвоты, розум –да ўсяго.  Так  разносілі  прыказкі славу па ўсёй тутэйшай зямлі пра розум і талент Вялікага Скібы  .

Пачуў мясцовы пан, што вельмі хваляць людзі Скібу, і злосць яго разабрала. “Я тут самы галоўны і багаты, а мяне так не велічаюць, як гэтага прастака”,- думаў ён і загадаў Скібе ўбірацца з яго зямлі.

“З панам спрачацца, што пугай па вадзе біць”, - падумаў Вялікі Скіба. Сабраў усё нажытае і пайшоў той сцежкай, якой ішлі да яго людзі. Непадалёку ад дарогі была роўная светлая палянка. Пабудаваў Скіба тут сабе невялікі дом і стаў у ім жыць. “Хоць небагата, затое спакойна.  Чалавек слаўны не багаццем, а розумам”, падумаў ён і стаў паціху абжывацца на новым месцы.  

А людзі не пераставалі да яго наведвацца. Ляснымі сцежкамі ішлі да яго хадакі, па рацэ прыплывалі плытары. Атрымаўшы добрую параду людзям адкрываўся свет. Яны не хацелі вяртацца назад у свае вёскі, дзе іх крыўдзілі, дзе ім не было падтрымкі.

 – Чаго  хадзіць вам увесь час туды-сюды. Нашто вяртацца туды, дзе вас крыўдзяць. Зямлі і тут хапае. Выбірайце сабе месца, будуйце хаты, заводзьце гаспадарку і жывіце дружна са сваімі сем’ямі. А я буду вучыць вас як рабіць і ладзіць ткацкія станкі, вуллі-калоды, чоўны, бочкі, цэбры, дзежкі, ткаць адзенне, - раіў падарожным Вялікі Скіба.

 – А і праўда,- згаджаліся людзі. - Прырода тут шчодрая і багатая, не прападзём, гэтыя мясціны мы ўжо ведаем як свае пяць пальцаў. Сталі людзі сяліцца уждоўж дарогі, што вяла да хаты Вялікага Скібы і  з  цягам часу ўтварылася цэлая вялікая вёска. А Вялікі Скіба навучыў жыхароў займацца бондарствам, ткацтвам, бортніцтвам.  Вялікая вёска ад прозвішча і імя Вялікага Скібы атрымала назву - Вялаўск.

Добрае жалеза не ржавее, добры чалавек не забываецца.

І да гэтага часу жыхары вёскі Вялаўск займаюцца пчалярствам, ткацтвам, бондарствам. Рэчы, зробленыя яшчэ продкамі, клапатліва захоўваюцца ў сялянскіх падворках і музеі вескі.

Літаратурны варыянт настаўніцы Піскун Галіны Васільеўны  

                

Фотаздымкі Качэлі Вадзіма Уладзіміравіча

Слоўнік

1. Узвышша - высокая гарыстая або ўзгорыстая мясцовасць.

2. Паселішча-  месца, на якім у старажытнасці было размешчана пасяленне, селішча.

3.Туды - сюды - у той бок, у тое месца; процілегласць сюды.

4. Непадалёку- на нязначнай адлегласці; паблізу. 

5. Тутэйшы - які родам з гэтай мясцовасці, жыве тут, не прыезджы.

6. Адкрыўся свет - успрыманне чалавекам навакольнага свету, што праяўляецца ў адпаведных дзеяннях, пачуццях, настроях.

7.  Дзейнай справай - заняткі, праца ў якой-небудзь галіне.

8. Плытар - рабочы, які займаецца сплавам плытоў.

9. Вулей - калода – штучнае жытло для пчалінай сям'і, зробленае чалавекам. На Беларусі першым штучным жытлом пчалінай сям'і была борць.

10.Човен - лёгкая лодка, выдзеўбаная са ствала дрэва.

11.Цэбар - шырокая драўляная пасудзіна з клёпак, з двума вушкамі

12. Дзяжа - вялікая дзежка для заквашвання цеста на хлеб

13. Бондар - майстар па вырабу драўлянай пасуды (бочак, дзежак, цаброў і пад.).

14. Бортнік - той, хто займаецца бортніцтвам; пчаляр.

Паданне пра  вёску Чарноцкае

Пасярод густых лясоў  было прыгожае возера, непадалёку, ад якога размяшчалася вёска назву якой ніхто не ведаў. У вёсцы жылі шчырыя і сумленныя людзі. Жылі яны ціха, мірна, ні скім не сварыліся. Яны жылі па закону: як ты да мяне, так і я да цябе. Але аднойчы іх закон парушыўся…  На  возеры пасяліліся нейкія дзіўныя людзі, зусім не падобныя на вяскоўцаў. У чужакоў была цёмная скура, вузкія вочы і гаварылі яны нешта па-свойму. Адзінае, што вяскоўцы зразумелі - імя галоўнага чалавека, які кіраваў астатнімі,- звалі ўсе яго Чарноцкі, таму, што ён быў чорны, як смала. Чарноцкаму новая зямля была да спадобы, і ён вырашыў пабудаваць на ёй смаляварню, каб варыць смалу. А пакуль займаўся сваёй справай, прыгледзеў прыгожую вясковую дзяўчыну, якая яму спадабалася. Вырашыў Чарноцкі заваяваць яе любой цаной, яго нават не хвалявала, што пыгажуня ўжо заручана. Ён засыпаў дзяўчыну падарункамі і клікаў у саю краіну, але яна яму адказала, што ў чужой старонцы не так свеціць і сонца. Чарноцкі пачаў пагражаць дзяўчыне, што абалье яе смалой. Каханы дзяўчыны, доўга не думаючы, злавіў Чарноцкага і ўтапіў ў возеры, а яго людзей прагнаў з зямлі, бо хто за Радзіму гарой , той сапраўдны герой.

З таго часу возера так і назвалі Чарноцкае, а потым і вёску, бо ўсе падзеі адбыліся на адной зямлі.

Літаратурны варыянт выхавацеля Дзікан Алы Русланаўны

 

Фотаздымкі Качэлі Вадзіма Уладзіміравіча

Слоўнік

1.     Чорны, як смала- які мае колер сажы, вугалю; процілегласць белы.

2.     Любой цаной- каштоўны, які мае вялікую цану, дарагі.

3.     Заручана- дамовіцца аб шлюбе, узяць шлюб.

4.     Доўга не думаючы- не адкладваць якую-небудзь  справу на доўгі час.

Спіс літаратуры

1.     Жуковіч, М.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў / М.В.Жуковіч. — Мінск: Аверсэв, 2007.

2.     Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І. Паўлоўская. – Мінск, 1997.

3.     Солахаў, А.В. Займальны матэрыял па беларускай мове: дапаможнік для настаўнікаў / А.В.Солахаў // Мінск: ТАА “Лексіс”, 2004.

4.     Саўко, У.П. Развіццё маўлення школьнікаў пры вывучэнні марфалогіі/ У.П.Саўко – Мінск, 2000.

5.     Шкраба, І.Р. Самабытнае слова / І.Р.Шкраба. – Мінск, 1994.

6.      Аляхновіч, А. М. Народная песня ў школе / А. М. Аляхновіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – 171 с.

7.      Аляхновіч, А. М. Фальклор у выхаванні школьнікаў / А. М. Аляхновіч. – Мінск : Чатырычвэрці, 2008. – 200 с.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.