Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Гісторыя школы

Дата: 21 сентября 2022 в 21:06, Обновлено 2 октября 2023 в 18:07
Автор: Качэля В. У.

У лёсе кожнага чалавека ёсць свая Школа, якая вядзе не толькі ў краіну ведаў, але і вучыць жыццю, з’яўляецца крыніцай станаўлення ўсебакова развітога чалавека.

Асобнага будынка школы ў в. Вялаўск да 1963 года не было. Навучанне грамаце дзяцей праходзіла ў хатах вясковых жыхароў.

   

Сучасны выгляд гэтых хат

У 1962 годзе пачалося будаўніцтва школы, якая сустрэла першых вучняў ў 1963 годзе.  Гэта быў драўляны будынак, які ўключаў 4 класы-пакоі, невялікая настаўніцкая і калідор.

Драўляны будынак школы, 2008 г.

Першым дырэктарам школы быў Махнач Пётр Васільевіч.

У той час дзяцей ў вёсцы Вялаўск было шмат. Акрамя таго, школу наведвалі дзеці з вёскі Чарноцкае (2 км.). З-за вялікай напаўняльнасці класаў і малой колькасці памяшканняў у школе заняткі праводзіліся ў дзве змены.

У 1965 годзе  школа  пачала  расшырацца. Да драўлянага будынка была прыбудавана цагляная частка школы з чатырма прасторнымі класнымі пакоямі.

У 1967 г. будаўніцтва было завершана. Пасільную дапамогу ў будаўніцтве школы аказвалі і вучні старэйшых класаў.

На будаўніцтве, 1966 г.

Будынак школы, 2010 г.

У школе размяшчалася восем класных пакояў. Многа ўвагі ўдзялялася абсталяванню школы.

У класе размяшчаліся школьныя парты ў два рады, напаўняльнасць класаў была прыблізна па 20-28 чалавек. Вучняў у школе было многа, каля 200 чалавек

 Класных пакояў для правядзення заняткаў у 1-8 класах у першую змену не хапала (у адным класе  размяшчаўся  піянерскі пакой  сумесна з бібліятэкай школы, а адзін пакой  быў заняты пад настаўніцкую) і  пачатковыя класы вучыліся ў другую змену.

У класе

Сярод вучняў, настаўнікаў і бацькоў была добрая дысцыпліна.

З 1967 па 1974 гады дырэктарам школы была Баркоўская Ева Альбінаўна.

Яна бала чалавекам слова і справы,  цалкам аддавалася рабоце, выкладала матэматычныя навукі.

Пры ёй была адкрыта школьная майстэрня, дзе праходзілі заняткі па працы.

Нязменным загадчыкам майстэрні на працягу многіх гадоў быў Рублеўскі Сцяпан Фёдаравіч.

Вучні на уроках працы падзяляліся на 2 падгрупы: дзяўчынкі на абслуговую працу, хлопчыкі – тэхнічную працу.

Дзеці шмат дапамагалі школе: пілавалі, складалі, калолі дровы, убіралі школьную тэрыторыю, працавалі на прышкольным участку, займаліся добраўпарад-каваннем школьнай тэрыторыі.

У школе працавала шмат факультатываў, гурткоў. Для вучняў пачатковай школы арганізоўвалася аздараўленчая пляцоўка. Школа аказвала малазабяспечаным сем’ям матэрыяльную дапамогу.  Педкалектыў вёў фізкультурна-аздараўленчую, культурна-масавую работу. Арганізоўваліся турыстычныя паходы па месцах баявой славы, адзначаліся дзяржаўныя святы, праводзіліся піянерскія злёты і зборы, праходзілі школьныя вечары, канцэрты ў сельскім клубе, дзейнічаў настаўніцкі патруль сумесна з адміністрацыяй саўгаса “Прыпяцкі”. На  школьныя вечары ў якасці музыкантаў запрашалі мясцовых гарманістаў Дубіну Андрэя Апанасавіча і Піскуна Мікалая Уладзіміравіча.

У турыстычным паходзе

На школьным вечары

Настаўнікі часта выступалі з дакладамі перад насельніцтвам вескі.

Плённа працавалі дзіцячыя і маладзежныя арганізацыі: акцябраты, піянеры, камсамольцы. Уступіць у гэтыя арганізацыі для вучняў было вельмі ганарова і пачэсна.

Штодзённа акцябраты насілі акцябрацкі значок у выглядзе пяцікутнай зоркі з партрэтам У.І. Леніна ў цэнтры, піянеры – чырвоны гальштук, а камсамольцы камсамольскі значок.

Школа была на добрым уліку ў раёне, настаўнікі карысталіся аўтарытэтам сярод насельніцтва.

Калектыў школы, 1970-я гг.

З  1974 па 1985 гады  дырэктарам школы працаваў Тарасевіч Васіль Пятровіч,  душэўны чалавек, аднак мяккі і непатрабавальны ў рабоце, што было не на карысць калектыву школы.  Ён  выкладаў матэматыку, фізіку і чарчэнне.

Была ўведзена абавязковая школьная форма. Дзяўчынкі насілі карычневую сукенку і чорны пярэднік (на ўрачыстыя лінейкі і піянерскія святы – белыя пярэднікі), а хлопчыкі – цёмна-сінія касцюмы.

Усе свае намаганні і сілы Васіль Пятровіч накіроўваў на ажыццяўленне закона аб усеагульнай адукацыі. Вялікая ўвага ўдзялялася прафарыентацыі вучняў. На педагагічных саветах абмяркоўваліся праекты дзяржаўных і партыйных дакументаў, вывучалася жыццё і дзейнасць У.І. Леніна, Л.І. Брэжнева. У школе працавалі гурткі, арганізоўваліся экскурсіі па месцах баявой славы: Мінск, Хатынь, Брэст, Кіеў, Курган Славы і інш.

Намаганнямі Васіля Пятровіча былі арганізаваны ў школе гарачыя абеды для вучняў. Пад школьную сталовую быў адведзены і абсталяваны адзін з класаў, які знаходзіўся ў  канцы  цаглянага будынка школы.

З 1985 па 1986 гады  дырэктарам школы быў Бычкоўскі Васіль Пятровіч, дысцыплінаваны, патрабавальны да сябе і іншых чалавек. Выкладаў рускую мову і літаратуру.  

У 1986 годзе, пасля заканчэння вучэбнага года ў сувязі з чарнобыльскай аварыяй, школа была вывезена у піянерскі лагер “Балтыка” пад г. Пскоў (РСФСР).

Піянерскі лагер “Балтыка”, 1986 г.

З 1987 па 1998 гады  дырэктарам школы быў Марціновіч Іван Сямёнавіч, які выкладаў матэматыку і гісторыю.

З 1990 года Вялаўская школа стала лічыцца няпоўнай сярэдняй школай з дзевяцігадовым навучаннем. Першы выпуск 9-га класа адбыўся ў гэтым жа годзе.

У 1991 годзе настаўнікі школы  сталі праходзіць атэстацыю на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі. Першымі настаўнікамі, якія атрымалі другую кваліфікацыйную катэгорыю ў школе былі Бычкоўская Валянціна Апанасаўна і Кебец Кацярына Міхайлаўна.

 

           Бычкоўская В.А.                                     Кебец К.М.

У 1994 годзе школа атрымала статус сярэдняй школы з адзінаццацігадовым навучаннем. Першы выпуск 11 класа (тры вучні) быў выпушчаны ў 1995 г.

У 1998 г. школа перайшла на 12-гадовае навучанне. Першы выпуск – 2008 г.

З 1998 г. па 2001 г. дырэктарам працавала Чырыч Ганна Мяфодзьеўна. Выкладала музыку і выяўленчае мастацтва, ЧГД.

У 1999 г.  у школе быў адкрыты камп’ютарны кабінет, які быў абсталяваны трынаццаццю камп’ютарамі.

Многа  ўвагі ўдзялялася арганізацыі спартыўнай, турыстычнай і культурна-масавай работы. Вучні прымалі ўдзел у раённых турыстычных масавых мерапрыемствах. Наладжваліся абменныя канцэрты па прафсаюзнай лініі сярод калектываў адукацыйных устаноў, сумесныя вучнёўска-настаўніцкія мерапрыемствы.

Святкаванне Новага 2000 года

З 2001 г. па 2006 г. дырэктарам была Кебец Ала Архіпаўна.

Выкладала рускую мову і літаратуру, СМК. Школа ў  гэты час перайшла на 10-бальную сістэму ацэньвання ведаў вучняў, 5-дзенны вучэбны і 6-дзённы рабочы тыдзень. У шосты дзень (суботу) праводзіліся пазакласныя мерапрыемствы, арганізавалася работа гурткоў. У 2003 г. было ўведзена цэнтралізаванае тэсціраванне па мове.  Выпускнікі школы дастойна вытрымалі адзіны дзяржаўны экзамен па беларускай мове.

1 верасня  2004 года адбылася рэарганізацыя школы і дзіцячага сада, у сувязі з гэтым школа набыла статус “Вялаўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа – дзіцячы сад”.

Была наладжана цесная сувязь з аграпрадпрыемстрам ПУП “Палессе-Аграінвест”: прапаганда здаровага ладу жыцця; выставы работ вучняў, бацькі якіх працавалі ў аграпрадпрыемстве; канцэрты для сельскіх работнікаў і др.

З 2006 па 2007 г. дырэктарам школы працавала Піскун Галіна Васільеўна, вопытны педагог і кіраўнік. Выкладала беларускую мову і літаратуру.

У гэты навучальны год у педкалектыў школы ўлілося пяць маладых спецыялістаў. Галоўная ўвага ў рабоце была акцэнтавана на падрыхтоўку маладых кадраў. Вялікая ўвага ўдзялялася добраўпарадкаванню тэрыторыі школы і сада.

З 2007  па 2021 г. дырэктарам працаваў Казачэнка Васіль Уладзіміравіч. Выкладаў нямецкую мову.

З 1 лютага 2008 г. установа адукацыі мае назву “Вялаўская дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”.

З 1 верасня 2009 г. школа крыху змяняе назву – “Вялаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

З кожным годам колькасць вучняў памяншаецца. У 2011/2012 навучальным годзе адсутнічаюць вучні ў 10 класе і з 1 верасня 2012 г. школа прайшла рэарганізацыю і стала ўстановай адукацыі з 9-гадовым срокам навучання “Вялаўскі дзіцячы сад – базавая школа”.

З 1 верасня 2014 г. зноў праходзіць рэарганізацыя. Цяпер гэта дзяржаўная ўстанова адукацыі “Вялаўскі дзіцячы сад – пачатковая школа”. Пакінуўшы сваё асноўнае памяшканне, навучальная ўстанова займае будынак дзіцячага сада.

Вучні старэйшых класаў залічаны ў “Скрыгалоўскую сярэдніюю школу імя М.І. Шлягі” Мазырскага раёна, куды кожны дзень іх возіць аўтобус.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 красавіка 2021 г. № 136 вёска Вялаўск, а таксама вёскі Чарнацкое, Шастовічы, Майсеевічы і пасёлак Шастовічы з 1 чэрвеня ўключаны ў склад Мазырскага раёна.

 З 16 лістапада 2021 года сад-школа мае новую назву – ДУА “Вялаўчкі дзіцячы сад – пачатковая школа Мазырскага раёна”. Выконваючым абавязкі дырэктара сада-школы з’яўляецца Чырыч Вольга Аляксандраўна.

З 1 верасня 2022 г. установа адукацыі рэарганізавана ў ДУА “Вялаўская пачатковая школа Мазырскага раёна”.

З 1 верасня 2023 г. дырэктарам ўстановы адукацыі з'яўляецца Ероміч Галіна Мікалаеўна.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.